У Юбілейным годзе на Будслаўскі фэст пешкі і на роварах прыбылі амаль 2,5 тысячы пілігрымаў

4 ліпеня на Будслаўскі фэст, які праходзіць у Юбілейным 2025 годзе пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», пешкі і на роварах прыбыла рэкордная лічба пілігрымаў — усяго 2484 чалавекі.
Кожную з 22-х груп пешых і велапілігрымаў віталі на прыступках будслаўскай базылікі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Першымі да Маці Божай у гэты дзень прыбылі пілігрымы з Ліды (Гродзенская дыяцэзія), разам з якімі апошні дзень ішоў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, былы шматгадовы пробашч лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.

Самай шматлікай сёлета стала пешая пілігрымка з Маладзечна, у якой разам ішлі 363 удзельнікі з Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам Меншых Братоў Капуцынаў. Найбольшую адлегласць — амаль 300 кіламетраў — пераадолелі пешкі пілігрымы з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія).

Цэлебрацыю святой Імшы для пілігрымаў, якая адбвалася на палявым алтары перад базылікай, узначаліў наймалодшы каталіцкі іерарх у Беларусі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.

На пачатку Эўхарыстыі ён сказаў, што ахвяруе яе ў інтэнцыі новых пакліканняў да святарства і кансэкравнага жыцця ў найбольшай па плошчы сярод беларускіх дыяцэзій Пінскай дыяцэзіі, якая сёлета адзначае 100-гадовы юбілей з часу яе заснавання.

Тэкст: Мікола Гракаў
Фота: Віктар Ведзень
Маці Божая Будслаўская, Нацыянальны санктуарый у Будславе, Моладзь, Пілігрымкі