Навіны

Гісторыі і парафіяльныя падзеі

  • Галоўная
  • Навіны
  • На фэсце ў Будславе адбылася сустрэча арцыбіскупа Юзафа Станеўскага са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксеем Кушнарэнкам

На фэсце ў Будславе адбылася сустрэча арцыбіскупа Юзафа Станеўскага са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксеем Кушнарэнкам

4 ліпеня, у першы дзень сёлетняга фэсту ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага са старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксеем Кушнарэнкам.

Іерарх разам з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім сустрэў кіраўніка Мінскай вобласці, якога суправаджаў старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Прановіч і іншыя афіцыйныя асобы, на плошчы перад будслаўскай базылікай. Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік пазнаёміў высокіх гасцей з ходам прац па аднаўленні святыні пасля пажару, які здарыўся тут чатыры гады таму. Разам з працамі па адбудове цяпер тут праводзяцца таксама спецыяльныя даследаванні, у тым ліку архітэктурныя і археалагічныя, з мэтаю аднавіць увесь вялікі комплекс будслаўскага кляштара бэрнардынаў.

У будучыні гэта дазволіць стварэць у Будславе агульнабеларускі духоўны цэнтр, пра што казаў нядаўна кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Агледзеўшы святыню і падышоўшы да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у галоўным алтары касцёла, удзельнікі сустрэчы скіраваліся ў сакрыстыю, дзе абмеркавалі перспектывы далейшага развіцця Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе ў шчыльным узаемадзеянні Касцёла з дзяржавай.

Сустрэча арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з кіраўніком Мінскай вобласці Аляксеем Кушнарэнкам стала выразным знакам працягу плённага супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы, скіраванага на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і традыцыйных духоўных каштоўнасцяў беларускага народа. Гэтае супрацоўніцтва было распачата і паспяхова развівалася ў Будславе па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі і пры актыўным удзеле папярэдніка Аляксея Кушнарэнкі на пасадзе кіраўніка сталічнага рэгіёна, сённяшняга Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, які сам асабіста не раз наведваў Нацыянальны санктуарый і спрыяў аднаўленню будслаўскай святыні ў апошнія гады.

Усім удзельнікам сёлетніх урачыстасцяў у Будславе старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка скіраваў віншаванне, у якім, між іншым, адзначыў:

«Органы ўлады з павагай і падтрымкай адносяцца да трыдыцый усіх канфесій, скіраваных на духоўнае стварэнне. Адным са значных мерапрыемстваў для ўсіх католікаў Беларусі з’яўляецца Будслаўскі фэст, калі тысячы пілігрымаў прыходзяць у касцёл Унебаўзяцця Няйсвяцейшай Панны Марыі, каб пакланіцца іконе Маці Божай. Людзі разам моляцца аб здароўі, міры і дабрабыце.

Віншую ўсіх пілігрымаў з гэтай важнай урачыстасцю, якая мае шматгранную гісторыю».

Тэкст: Мікола Гракаў

Фота: Віктар Ведзень

Маці Божая Будслаўская, Нацыянальны санктуарый у Будславе

«Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям.»
з аб'яўлення Маці Божай у Будславе
Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі»
Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., Мядзельскі р-н., аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча 8
УНП 600195666

+375 (1797) 4-87-70
+375 (29) 365-83-01

email парафіі: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.